Skip to main content

Poetisk dialog: Julia Tsimafejeva och Ylva Gripfelt

Юля Цімафеева – пісьменніца і перакладчыца, аўтарка шасці паэтычных зборнікаў і дакументальнай кнігі “Мінскі дзённік”, перакладзенай на шэсць моваў. Лаўрэатка прэміі імя К. Шэрмана, стыпендыятка DAAD Artists-in-Berlin і лаўрэатка Hilde-Domin-Preis.

Översättningen är gjord av belarusiska poeten Julia Tsimafejeva i dialog med Ylva Gripfelt under en workshop i Malmö våren 2026.

Credits Text: June 29 2026

'

З кнігі “Кровазварот”


сплятаю сваю гісторыю з ашмоцця,

з рыззя, з лахманоў, з няроўных латак памяці,

з валасоў чорных, русых, сівых,

з немаўлячага пуху дзядуль

і бабуль апошняга ўздыху,

з гузікаў, з нітак, з бліскучых паперак

з-пад салодкага канфекта

(карамелька ўдараецца аб штучную сківіцу

і аплывае асалодай),

з агню на смалістай лучыне,

з моху, з пчалінага воску, з малачаю,

з высахлай скарынкі поля, дзе ён рос,

з парасткаў бульбы ў разбэрсаным покрыве капца,

з крапівы, з лебяды, з пшаніцы і проса,

з задаволенага курынага квахтання,

з паху сена і лісця парэчак,

з агурочнай цеплыні, з гарбузовай шчодрасці,

з белых семак, насушаных на Каляды,

з рассыпанай азбукі зорак,

з попелу, з шэрані, з іржы,

з малочных зубоў кахання

ў мазолістых далонях любові,

з палінялай сіні крыжоў, з крыжавікоў,

з ружовых яблыкаў і яблыкаў,

счарнелых у кашах, з кашмараў,

з перарывістых інтэрнэтных размоў,

блытаных і чуллівых (чуеш мяне? і я цябе чую),

з фотаздымкаў, з фотаздымкаў, з фотаздымкаў,

з удзячнасці, з крыўды, з даравання і болю,

з адказаў, даўно пахаваных у зямлю,

з пытанняў, народжаных запозна,

з маўчання, з маўчання, з маўчання,

з мрояў

і з кніг


ЮЛЯ

(Кемніц, Германія, 2023)

– Я баюся, што дарога,

якой я іду, нікуды

мяне не вядзе,

што гэта тулянне

будзе бясконцым,

што ў мяне ніколі

не будзе дому

з цяністым садам,

пухнатым сабачкам

і вялізнаю бібліятэкай.

– Ведаеш, баяцца не варта.

Усе пуцявіны вядуць туды,

дзе стаіць ён, твой дом.

Ты яго не прапусціш,

не схібіш, гараць

яго шырокія вокны, вітаючы

ў цемры райскага саду.

Праходзь жа смялей,

смерць абдыме цябе,

як родную, і выпіць налье

з дарогі.


ЮЛЯ

(Гамбург, Германія, 2023)

Праз Шанцэнпарк

па Плантэн ун Бломен

да Каланадэн я іду

на свой першы ўрок нямецкай

за дзевятнаццаць гадоў.

“Якія навіны? Што новага?” –

пытаецца бялявая настаўніца,

а зірнуўшы ў нашы твары,

не пакідае шанцу даць маху:

“Трэба быць пазітыўнымі,

– вучыць яна, –

негатыву навокал хапае!”

Томэк з Польшчы,

Мехран з Ірана,

Світлана з Украіны,

Аміна з Сірыі,

Юля з Беларусі

раскрываюць падручнікі

на старонцы сто дваццаць сем

і правяраюць хатняе заданне

з даданымі сказамі.

“Я нервуюся, калі...

здаю экзамен”, – дае правільны адказ Мехран.

“Я радуюся, калі...

сустракаюся з сябрамі”, – адказвае на выдатна Томэк.

“Я баюся, калі...

падаюць бомбы”, – робіць памылку Світлана.

У падручніку ж напісана:

“...калі гляджу страшны фільм”,

нікому не варта

псаваць настрой на занятках.

Томэк з Польшчы,

Мехран з Ірана,

Світлана з Украіны,

Аміна з Сірыі,

Юля з Беларусі

гавораць па-нямецку

як пяцігадовыя дзеці,

і часам настаўніцы здаецца,

што яны і праўда дзеці,

якіх трэба навучыць

забыццю

і нямецкай мове

на ўзроўні “Бэ айнс”.

Ад Каланадэн

па Плантэн ун Бломен

праз Шанцэнпарк я іду

са сваіх першых заняткаў,

каб вярнуцца на другія,

трэція і чацвёртыя.

Нарэшце

ў сталёвым люстэрку вуліц

я выглядаю тутэйшай,

а значыць, чужой,

як усе.


Like what you read?

Take action for freedom of expression and donate to PEN/Opp. Our work depends upon funding and donors. Every contribution, big or small, is valuable for us.

Donate on Patreon
More ways to get involved

Search