Skip to main content
#1 2011
11 min read

Святлана Алексіевіч

Пасля выбараў у Беларусі ў снежні мінулага года краіна знаходзіцца у стане хаосу.

Credits TEXT: Cecilia Hansson July 01 2011

Пасля выбараў у Беларусі ў снежні мінулага года краіна знаходзіцца у стане хаосу. Апазіцыя была падаўленая сілай, і многія людзі былі кінутыя ў турму. Журналістка і пісьменніца Святлана Алексіевіч – галоўная інтэлектуальная асоба Беларусі. Аўтар несентыментальных кніг-рэпартажаў, напрыклад, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, і адзін з крытыкаў рэжыму. Пісьменніца Сесілія Хансан сустрэлася са Святланай Алексіевіч у Берліне, дзе тая жыве на дадзены момант.

СХ: Як бы вы ахарактарызавалі сітуацыю ў Беларусі пасля выбараў?

СА: Як гуманітарную катастрофу для ўсяго беларускага грамадства. Гэта звычайная сітуацыя, калі людзі, якія палітычна актыўна праявілі сябе перад выбарамі, пасля вымушаны змоўкнуць. Іх звальняюць з працы, і рана ці позна яны пакідаюць краіну. Але такой радыкальнай рэакцыі, як пасля апошніх выбараў, яшчэ ніколі не было. На гэты раз пераследавалі, збівалі або арыштоўвалі ўсіх, хто наогул сказаў што-небудзь крытычнае наконт рэжыму. Першапачаткова было арыштавана 800 чалавек. Сёння гаворка ідзе пра сотню. Насельніцтва, відавочна, знаходзіцца ў стане шоку.

Жахліва яшчэ і тое, што сталінская машына запушчана ізноў, як быццам з таго часу ў гіторыі нічога не адбылося. Сёння мы не ведаем, калі на цябе “даклалі” або арыштавалі кіраўнікі ці твае уласныя таварышы. Нават у малых гарадах праводзіцца паляванне на ведзьмаў, ініцыяванае звычайнымі грамадзянамі.

Чаму так атрымліваецца, што сталінскія метады так лёгка выходзяць ізноў на паверхню?

Цяжка сказаць, чаму на гэты раз усё так драматычна павярнулася назад. Але тое, што іншыя ўсходнееўрапейскія краіны называюць Беларусь Паркам Юрскага перыяду, невыпадкова. У іншых краінах Усходняй Еўропы, такіх як Украіна, Эстонія і нават Расія, адбыліся пэўныя фундаментальныя змены, былі праведзены рэформы. А Лукашэнка закансерваваў сітуацыю ў Беларусі. Людзі, якія сёння ў Беларусі маюць шмат грошай і ездзяць на мерседэсах ці бэнтлі, засталіся псіхалагічна такімі ж, як і ў савецкія часы. На сённяшні дзень прайшло 16 гадоў, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Гэтыя 16 гадоў іншыя ўсходнееўрапейскія краіны выкарысталі, каб сфармаваць новы менталітэт, але ў Беларусі гэтага не адбылося.

Як бы вы апісалі беларускі менталітэт?

Беларусь геапалітычна знаходзіцца на шляху з захаду на ўсход і наадварот. Гістарычна яна заўсёды адчувала на сабе віхуры бітваў і войнаў. Не было магчымасці развіваць тыя рысы, што вызначаюць незалежную дзяржаву, таму што найчасцей тут панаваў хтосьці іншы - балтыйцы, палякі ці рускія. Асноўнай мэтай людзей было заўсёды выжыванне. Такія паняткі ,як "свабода", ніколі не былі актуальнымі.

Інтэлігенцыі ў Беларусі было асабліва цяжка. Падчас польскага панавання насельніцтва Беларусі было пазбаўлена магчымасці займаць якія-кольвек важныя пасады ў грамадстве. Адукаваная частка насельніцтва прыцяснялася. А потым прыйшлі рускія і рабілі тое ж самае.

Падчас савецкага перыяду было вельмі шмат рэпрэсій супраць інтэлігенцыі. Мой бацька вывучаў журналістыку. І гэта было нормай, калі з дваццаці выкладчыкаў заставалася два, калі студэнты вярталіся з летніх вакацыяў. Усе іншыя прафесары і дацэнты былі знятыя з працы і пакараныя. Цэлае пакаленне інтэлігенцыі было знішчана Сталіным.

Падчас Другой сусветнай вайны краіна панесла вялікія страты адукаваных людзей. Тады загінула вельмі шмат габрэяў, а сярод іх было шмат інтэлігенцыі. У цэлым Беларусь панесла вялікія страты падчас Другой сусветнай вайны. З насельніцтва ў дзесяць мільёнаў два з паловай загінула падчас вайны. Таму лёс краіны далёка не шчаслівы.

Ці ёсць надзея ў Беларусі? І калі ёсць, то на што вы яе ўскладаеце?

Я ўхваляю рашэнне ЕС укладаць больш грошай у развіццё Беларусі. Калі ўсё так і адбудзецца, то будуць створаны новыя структуры для прамысловасці. Але ці гэта магчыма, калі пры ўладзе будзе заставацца Лукашэнка, я не ведаю. Я ўскладаю надзею на новае пакаленне. Не варта чакаць моцных зменаў ад старэйшага пакалення.

Але галоўная праблема Беларусі – гэта само насельніцтва краіны, негатовае пратэставаць. Сёння на вуліцы можа выйсці толькі моладзь. Усе прадстаўнікі старэйшай інтэлігенцыі, якія раней спрабавалі штосьці зрабіць, паз’язджалі з краіны. Шмат хто з’ехаў і з моладзі. Але ёсць і тыя, хто хоча і спрабуе стварыць нешта новае ў Беларусі. Гэта маладыя, інтэлектуальныя людзі, якія, апроч іншага, стаяць за правільнае выкарыстанне беларускай мовы. У вёсках Беларусі размаўляюць на сумесі беларускай, польскай і ўкраінскай моваў. Мова ды іншыя адметныя рысы нацыі ўвогуле не існуюць.

Насельніцтва ў цэлым жыве выключна спажывецкімі інтарэсамі. Да гэтага жыццё простага беларуса было складанейшым, а цяпер можна, напрыклад, паехаць у Балгарыю на адпачынак або купіць каўбасу розных гатункаў. Раней чалавек быў вымушаны змагацца за самыя элементарныя патрэбы.

Людзі не разумеюць, што гэта такое свабода, пра якую кажа апазіцыя. Іх жыццё пачалося са сталінскага тэрору, а затым было яшчэ сем гадоў тэрору пасля Другой сусветнай вайны. Заўсёды існаваў дэфіцыт неабходных тавараў. А потым быў Чарнобыль. Вось з чаго складаецца жыццё беларусаў. Яны не ведаюць нічога іншага. Спажыванне ёсць для людзей новым вопытам. Раней я думала, што капіталізм – гэта хвароба, якая хутка пройде. Але, на жаль, як мне падаецца, гэта не так.

Калі я была на радзіме апошнім разам, то здзейсніла вандроўку па сельскай мясцовасці. Я размаўляла з рознымі людзьмі. Калі я сустракалася з людзьмі ў вёсках і размаўляла з імі пра свабоду, яны не зразумелі, пра што ідзе гаворка. "Глядзіце, у нашай вясковай краме поўна тавараў. Якая яшчэ свабода нам патрэбна? У нас усё ёсць".

Многім з інтэлігенцыі горка і сорамна за свой уласны народ. Яны хочуць стварыць іншае жыццё і грэбліва называюць сваіх суайчыннікаў “нулямі” ці “каструлямі”. Я мяркую, што гэта жахліва –гэтак называць сваіх землякоў.

Ёсць надзея на маладое пакаленне. Відавочна, на яго аказваюць уплыў навіны аб паўстаннях у Паўночнай Афрыцы. Але старэйшае пакаленне мае іншы вопыт рэвалюцыі. Яны бачылі, як правалілася Аранжавая рэвалюцыя ва Украіне. Таму яны больш асцярожныя. І радыя атрымлівааць грошы з Масквы.

Рэжым Лукашэнкі цалкам залежыць ад адносінаў з Масквой. Лукашэнка атрымлівае ад Расіі суму ў памеры 4 мільярды еўра ў год. Пры гэтым людзі задаволеныя, крамы поўныя, вядома. Але ў той момант, калі Расія перастане падтрымліваць Лукашэнку, у яго больш не застанецца рэсурсаў. Адзінае, што можа матываваць людзей выйсці на вуліцы і пратэставаць, - гэта пустыя крамы. Такім чынам, ключ да клеткі, у якой сядзіць апазіцыя, знаходзіцца ў Крамлі. А Крэмль мае свае ўласныя матывы. Там, вядома, не хочуць, каб Беларусь наблізілася да Еўропы, і выкарыстоўваюць метад бізуна і перніка.

Якое значэнне мае апазіцыя?

Цяжка крытыкаваць людзей, якія знаходзяцца ў турме. Але ў іх проста не было ніякага шанцу перамагчы на выбарах. Перш за ўсё, яны не змаглі дамовіцца аб адзіным кандыдаце. Было дзевяць кандыдатаў, з якіх ніхто не быў асабліва моцным. Калі кожны з іх атрымаў час для выказвання на тэлебачанні, то ніхто не вылучыўся, ніхто не сказаў таго, што сапраўды тычыцца штодзённага жыцця людзей. Усе толькі крытыкавалі Лукашэнку.

Адзін з кандыдатаў, Уладзімір Някляеў, з'яўляецца паэтам. Выглядае досыць гратэскава, калі паэт выстаўляе сябе кандыдатам на пасаду прэзідэнта ў сялянскай краіне. Ён не пасуе людзям.

Пасля выступлення кандыдатаў па тэлевізары я выпадкова разгаварылася з кіроўцам таксі, простым чалавекам. Ён сказаў, што не зразумеў ні слова аб тым, што апазіцыя хоча даць яму. Лукашэнка, аднак, абяцае яму і іншым, што можна будзе зарабіць больш. Гэта зразумела, і гэта тое, што трэба людзям.

Палітычная апазіцыя вельмі слабая. Акрамя таго, нельга сказаць, што ў апазіцыі знаходзяцца лепшыя розумы краіны. Найразумнейшыя альбо з’ехалі з Беларусі, альбо займаюцца бізнесам. У палітыцы нельга дасягнуць такіх вынікаў, як у бізнесе.

Дзевяць кандыдатаў у прэзідэнты заклікалі людзей ісці на плошчу Незалежнасці ў дзень выбараў. Але тыя, хто хочуць пераменаў у Беларусі, не жадаюць іх шляхам рэвалюцыі, а шляхам рэформаў. Шмат хто баяўся, таму што ніхто не ведаў, што адбудзецца на плошчы. Таму ў рэшце рэшт там сабралася толькі моладзь.

Чаму так сталася?

Трэба зразумець, што значыць жыць пры таталітарным рэжыме. Гаворка ідзе пра татальны кантроль. Мая дачка настаўніца. Перад днём выбараў дырэктар сабраў супрацоўнікаў яе школы. Усім было дадзена заданне паспрабаваць паўплываць на вучняў. Тыя павінны былі сказаць сваім бацькам не ісці на плошчу Незалежнасці ў дзень выбараў, што гэта будзе мець негатыўныя наступствы. Я пазнаю гэтыя механізмы. Выкарыстанне дзяцей з'яўляецца звычаным падыходам для дыктатураў.

Вы асабіста былі ў Мінску ў дзень выбараў?

Так, я накіроўвалася да плошчы Незалежнасці, але так і не дабралася туды. Было мінус пятнаццаць градусаў. Я захварэла, і была вымушана вярнуцца дадому. Маіх сяброў спынілі на шляху, не прапусцілі да плошчы.

Праз некалькі дзён пасля выбараў я сядзела ў кавярні з сябрамі, мы абмяркоўвалі палітыку. Раптам падняўся чалавек, які сядзеў за суседнім сталом, і падышоў да нас. Гэта быў афіцэр міліцыі, які чуў нашу размову. Ён сказаў: "У той дзень на плошчы было 20 000 чалавек. 5000 з іх былі мае калегі, якія кантралявалі і спынялі вас. Нават калі вас будзе 50 000, мы будзем душыць вас. Але калі вас будзе паўмільёна, мы перойдзем на ваш бок ".

Гэта значыць, што ёсць шмат людзей у Беларусі, якімі кіруе Лукашэнка. Яны таксама баяцца змены рэжыму. Акрамя таго, у Беларусі няма традыцыі пратэсту. Людзі проста выходзяць на вуліцы і пратэстуюць, калі ў іх ёсць эканамічныя матывы.

Лукашэнка крадзе вялікую частку капіталу краіны. Але ён таксама дае людзям магчымасць нарэшце мець нейкую ўласнасць. Калі я была ў Мінску ў снежні, то была здзіўлена вялікай колькасцю машын. Гэта нешта зусім новае.

Значыць, у людзей ёсць нагода любіць Лукашэнку?

Так, ён хітры. У Расіі і Украіне былі распушчаны калгасы. У Беларусі гэтага не адбылося. Яны працуюць, і працуюць паспяхова. Апроч таго, Лукашэнка не прадаў заводаў. І яны таксама добра функцыянуюць. Індустрыя ў Беларусі працуе наогул значна лепш, чым у суседніх краінах. Акрамя таго, у Беларусі не класавае грамадства. Няма таго тонкага пласту звышбагатых, які ёсць у многіх іншых усходніх краінах.

Лукашэнка хоча паказаць, што сацыялізм усё яшчэ мае патэнцыял. Асабліва калі грошы ідуць з Масквы. Без гэтай падтрымкі краіна ніколі не выжыве. Але насамрэч сацыялізму ў Беларусі ўжо даўно няма.

Для мяне тое, што кажа Лукашэнка, - проста жах. Але для людзей гэта гучыць разумна. Як палітык ён нібы жывёла. У яго добра развітыя інстынкты, ён адчувае тое, што людзі хочуць пачуць. І ён гаворыць мовай народа.

Многія з інтэлігенцыі ў Беларусі сёння падобныя да дзекабрыстаў – расійскай інтэлігенцыі, якая ў пачатку 1800-х выступала за рэформы. Яны не ведалі, як размаўляць з людзьмі. Яны гаварылі па-французску і хацелі паўплываць на насельніцтва, якое ў асноўным складалася з непісьменных прыгонных, з дапамогай ідэй Французскай рэвалюцыі. У іх, вядома, не атрымалася.

Вы назвалі маладое пакаленне беларусаў разгубленым пакаленнем. Чаму?

Так, гэта пацвярджаецца тым, што Беларусь займае першае месца з постсавецкіх краін па колькасці самагубстваў. Цяжка знайсці сэнс жыцця. Лукашэнка робіць тое, што можа. Ён спрабуе стварыць разнастайныя сімвалы. Напрыклад, ізноў увесці камсамол – былую камуністычную моладзевую арганізацыю.

Ён таксама пабудаваў сцяну недалёка ад Мінска, заявіўшы, што гэта быў ахоўны бар'ер супраць немцаў падчас Другой сусветнай вайны. Але ўсе ведаюць, што такога ніколі не было. Ужо праз чатыры дні пасля пачатку вайны немцы былі ў Мінску.

Спроба Лукашэнкі па стварэнні міфалогіі марная. Моладзь сёння мае доступ да Інтэрнету і ведае многае пра навакольны свет. Пры гэтым ёй ствараюць сімвалічнага монстра навокол.

Вельмі многія маладыя людзі з'язджаюць з краіны. Яны едуць на Захад, у Расію ці краіны Балтыі - не мае значэння куды. Проста яны з’язджаюць.

Вы апісваеце сітуацыю як безнадзейную. Няўжо нельга нічога зрабіць?

Трэба ўжо цяпер пачаць рыхтавацца да наступных выбараў. Не трэба губляць часу! Пасля паразы ў выбарах апазіцыянеры сварацца паміж сабой. Яны не гатовыя да супрацоўніцтва. Яны хочуць вызвалення, чакаюць, што Еўропа або Амерыка вырашаць праблемы ў Беларусі. Але што іншыя краіны павінны зрабіць? Адправіць войскі? Такія варыянты не абмяркоўваюцца. Змены павінны адбывацца ўнутры краіны. Мы павінны стаць незалежнымі.

Адзіны выхад для Беларусі з’явіўся б, калі б паўсталі эканамічныя праблемы. Так каб на першы план выйшлі харызматычныя людзі, якія б паспрабавалі вырашыць іх. Сёння такіх людзей у краіне няма.

Like what you read?

Take action for freedom of expression and donate to PEN/Opp. Our work depends upon funding and donors. Every contribution, big or small, is valuable for us.

Donate on Patreon
More ways to get involved

Search